Педагагiчная майстэрня роднай мовы

Беларускi фальклор для дзяцей

Цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял па далучэнні дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры, чым дзіцячы фальклор і народныя гульні.  Творы вуснай народнай творчасці змалку ўваходзяць у дзіцячае жыццё; на прыкладзе знаёмых вобразаў(кот, гусі, каза), праз нескладаныя сюжэты выхоўваюць веру ў дабро, справядлівасць, раскрываюць маральна-этычныя погляды беларусаў, даюць магчымасць прывіць любоў і павагу да роднага слова. 

Спецыфічныя ўмовы двухмоўя патрабуюць асаблівай увагі да авалодання дзецьмі роднай беларускай мовай. Сітуацыя, калі дзеці адначасова чуюць і рускую, і беларускую мовы, садзейнічае аднолькаваму ўзроўню іх успрымання, разумення. Улічваючы гэтыя асаблівасці, неабходна, каб дзеці часцей чулі, разумелі, ведалі родную беларускую мову, каб авалоданне правільным беларускім маўленнем ажыццяўлялася ў працэсе арганізаванага навучання.  

 Вызначым мастацкія асаблівасці кожнага віда фальклорных твораў.

КАЛЫХАНКІ – асноўная задача –супакоіць дзіця мелодыкай, рытмам вершаваных строк, ціхім голасам, ласкавымі словамі. Часцей за ўсё – гэта калыханкі пра ката. Раней, перш чым пакласці дзіця ў ложак ці калыску, туды пускалі ката, каб ён забраў усе чары, а пакінуў толькі цяпло, дабро, прыязнасць.

ЗАБАЎЛЯНКІ, ПАЦЕШКІ – суправаджаюць пальчыкавыя гульні, гушканне, пацягванне, першыя крокі дзіцяці, супакойванне, кармленне.

ПЕСНІ – адносяцца песні дарослых для дзяцей і тыя песні, што выконваюць самі дзеці. Праз песні атрымоўваюць пэўныя ўяўленні аб навакольным свеце, выхоўваецца павага да працы, асуджаецца лянота, абыякавасць. Займальнасць сюжэта, яго дынамічнасць, кампазіцыйная стройнасць спрыяюць вобразнаму мысленню, адначасова дапамагаюць засвоіць пэўныя гукі (прыпевы гой-гой-гой! Люлі-люлі)

ЗАКЛІЧКІ – гэтазварот, заклік да сіл прыроды, адухаўленне прыроды.

ДРАЖНІЛКІ – лаканічныя, невялікага памеру, высмейваюцца нейкія адмоўныя рысы чалавека ці жывел, дакладна перадаюць пэўную рысу характару.

ЛІЧЫЛКІ – прысвечаны для ўстановы чароднасці ў гульнях, выбар вядучага.

ГУЛЬНІ – прасочваецца цесная сувязь з земляробствам, з бытам, з навакольнай прыродай; многія гульні заснаваны на перайманні рухаў, дзеянняў прыпэўных гаспадарчых працах. У некаторыя гульні арганічна ўваходзяць і іншыя творы дзіцячага фальклору – лічылкі, забаўлянкі, калыханкі.

КАЗКІ – універсальны сродак народнай педагогікі; утрымліваюць жыццёвы маральны вопыт, народную мудрасць, рыхтуюць дзяцей да самастойнага жыцця, вучаць адрозніваць добрае ад дрэннага. Казкі вабяць дзяцей цікавымі персанажамі, прыгодніцкімі дзеямі, чараўніцтвамі, сакавітасцю роднага слова. Казкі лепш расказваць, чым чытаць, расказваць пранікненна і цікава, гледзячы ў вочы дзецям.

ЗАГАДКІ – у сціслай і дакладнай форме падводзяць вынікі назіранняў за цэлымі групамі жыццевых з’яў, жывел, птушак, вызнаючы іх характэрныя асаблівасці; загадкі служаць разумоваму выхаванню.

ПРЫКАЗКІ – трапнае, лаканічнае, устойлівае народнае выслоўе павучальнага зместу, якое мае прамы і пераноснысэнс. У іх выказваецца закончаная думка, якая дзякуючы шырокім абагульненням дае ацэнку з’яў, падзей, узаемаадносін паміж людзьмі.

ПРЫМАЎКІ – характарызуюцца незакончанасцю думкі, не мае абагульняючага значэння і выкарыстоўваецца найчасцей у канкрэтнаймоўнай сітуацыі, можа быць зразумелай толькі ў кантэксце.

Прыказкі і прымаўкі надаюць мове выразнасць, яскравасць, вобразнасць, садзейнічаюць выхаванню высокіх маральных пачуццяў, перадаюць жыццёвы вопыт і маральна-практычную філасофію народа.

Творы беларускага дзіцячага фальклору для сумеснага развучвання з дзецьмі

Забаўлянкі

Лес, палянка, 
Горка, ямка, 
А там халодная вадзіца. 
(Малому дзіцятку кудлацяць валасы, потым гладзяць па лобіку, водзяць пальцам па носіку, па роціку, казычуць пад шыйкай і кажуць гэтыя словы.)

Мішка, Грышка і Шчыпай 
Ехалі на лодцы. 
Мішка, Грышка патанулі, 
Хто застаўся ў лодцы? 
(Дзіцё адказвае "Шчыпай", і яго пачынаюць шчыпаць) 

Хоп-дзюк, хоп-дзюк, 
А я добры дзяцюк. 
І на конікі канюх, 
І на волікі пастух, 
І на качкі стралец, 
І на дзевак маладзец. 

Я пашыю гусьцы тапкі, 
Бо памерзлі ў гусьцы лапкі. 
О-я-яй, о-я-яй, 
Гуська, тапкі абувай. 

Паня сына радзіла, 
На коніка садзіла. 
Канёк вараненькі, 
Панічок маленькі. 
Гуца конік да вады, 
Шаўковыя павады. 
Канёк не напіўся, 
Панічок зваліўся. 
 

Гоп, гоп, гоп… 
Еду я на коніку. 
Скок, скок, скок… 
Еду я да доміка. 
Гоп, гоп, гоп… 
А ў доміку госці. 
Скок, скок, скок, 
Паны ды ягамосці. 
 

Кую, кую ножку - 
Паедзем у дарожку, 
За чатыры мілі, 
Па масла, па сыры, 
Дарожка крывая, 
Кабылка храмая, 
А ножка малая. 

Кую, кую пятку, 
Я паеду к татку. 
А ў нашага татка 
Ды на гары хатка. 
І садок, і мядок, 
І цыбулькі градка. 
 

Кую, кую ножку, 
Паеду ў дарожку, 
Дарожка крывая, 
Кабылка сляпая. 
Еду, еду, еду, 
Ніяк не даеду. 
Прыпрагу сароку, 
Паеду далёка, 
У новай кашулі, 
Да свайго дзядулі. 
Дзед дасць піражочак 
І сыра кусочак. 
 

Шла каза рагатая, 
Парола дзіця пузатае, 
Шоў следам ваўчок, 
Шчыпнуў за бачок.

Вершы-пацешкі для дзяцей

     ГУКІ ЗВЯРОЎ 
- Што за дзіўны гул і гам
На двары пачуўся?
Што за гукі чую там –
Сам не разбяруся.

Нешта вые, нешта іржэ,
Нешта ціха квохча,
Нешта ўвогуле маўчэ,
Раптам піскне штосьці.

Што за гукі на двары?
Маці, патлумач мне.
- Пеўнік з ранняе пары
Зерне трушчыць смачна,

Потым узлётае на плот,
Будзіць спазаранку.
Мяўкне наш праныра-кот,
Піскне мыш пад лаўкай,

Проса курыца таўчэ, 
Квохчуць кураняты,
Ў хлеве часам конь іржэ.
Прэ кашлаты ў хату – 

Вые, просіцца пад дах,
Ные небарака;
“Гаў” гудзе ў маіх вушах -
Так гучыць сабака.

Мама мыла Мілу мылам.
Міла мыцца не любіла.
Ухапіла Міла мыла
І ў вадзіцу апусціла.
Міла плешча ў вадзе цела,
Хоць і мыцца не хацела.
Мыла плавае ў вадзіцы
І само сабой мылі̀цца.

Піла Маша малако,
Заядала кашай.
Па вусах яно цякло
У дзяўчынкі нашай.
Так было прыемна піць
Прагнымі глыткамі –
І цяпер яна сядзіць 
З белымі вусамі.

Гулі-гулі у бабулі.
У прыгожай у кашулі
Мы нарвалі ёй цыбулі.
Ў ложак скок – і зноў заснулі.

Хлопчык мой чароўны
Грукае ў далоні,
Заплюшчвае вочкі
І смяецца хлопча.
Хлоп-хлоп-хлоп, уладкі
Пагуляем з таткам,
Пасмяемся ўдосталь,
Каб жылося проста.

Васіль Вітка: Лічылка.

Раз, два, тры, чатыры - 
Зайчык вушы натапырыў. 

Ідзе з лесу воўк, воўк 
І зубамі: шчоўк, шчоўк. 

Мы схаваемся ў кусты: 
Зайка, я, і ты, і ты. 

Ты ж, ваўчына, пачакай, 
Як схаваемся - шукай.

свернуть

Вучымся роднай мове разам!

Кожны чацвер месяца заклікаем выхавацелей, дзетак і бацькоў размаўляць па-беларуску!

   Скарбы мовы, скарбы пазнання, скарбы навакольнага свету расчыняюцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную мову, літаратуру, культуру.

   Паважаныя бацькі, дапамажыце нам далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы! Давайце разам падумаем, як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову.

  Хтось, магчыма, не вывучаў мову ў школе, ці не карыстаецца ёю ў жыцці, пакуль ведае абмежаваную колькасць слоў, але ж хоча узбагаціць слоўнікавы запас і зацікавіць астатніх. Дзесь ці ж трэба пачынаць!

   Напрыклад, пачніце з прывітання, ці развітання па-беларуску. 

  Да ўніверсальных вітанняў належаць: вітаю, прывітанне, здрастуйце, добрага здаровейка. Ці вітальныя выразы ў дачыненні да часу: добрай(-ае) раніцы,   дабранак, добры дзень (дзянёк), добры вечар (вечарок), добрай ночы (ночкі). 

  Формы развітання: да пабачэння, да сустрэчы, да скорага, шчасліва заставацца, заставайцеся здаровыя, бывайце здаровыя, шчаслівай дарогі або лёгкай дарогі.

  Ветлівасць

 Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:

  Дзякуем

 Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

 Просім прабачэння

 Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

 Радуемся

 Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

 Жадаем

 Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

 Імёны

 Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней.

свернуть

Развіццё звязнага маўлення дзяцей у сям’і

Бацькі аказваюць вялікі ўплыў на развіццё мовы дзіцяці. Дзеці будуюць сваю прамову ў адпаведнасці з тою мовай, якую чуюць вакол. Бяручы прыклад з бацькоў і блізкіх людзей, дзіця несвядома пераймае стыль зносін, які становіцца яго натурай. Якой маўленчай культурай валодае сям'я, такую маўленчую культуру бацькі фарміруюць у дзіцяці, той жа тып зносін.

  Недысцыплінаваная з пункту гледжання маўленчай культуры і эмацыйных праяў сям'я атрымае ў сваім дзіцяці злепак сваіх недахопаў у зносінах. Дзеці дашкольнага ўзросту вельмі цягнуцца да зносін з дарослымі і ахвотна ідуць на кантакт. І гэта трэба ўсяляк выкарыстоўваць у інтарэсах агульнага развіцця. Неабходна забяспечыць, каб зносіны з дарослымі былі паўнавартаснымі як у колькасным дачыненні (у сэнсе ўдзяляемага часу), так і ў якасным дачыненні (у інтэлектуальным і эмацыйным сэнсе). Правільна паступаюць тыя дарослыя – не толькі бацькі, вядома, але і іншыя члены сям'і (бабулі і дзядулі,старэйшыя браты і сёстры і г. д.), – якія асноўную ўвагу надаюць паўсядзённым зносінам з дзіцем. Усім гэтым яны спрыяюць пашырэнню кругагляду дзіцяці, развіццю пытлівасці і дапытлівасці. Уся ўвага, нястомныя намаганні бацькоў павінны быць накіраваны на тое, каб дзеці чулі правільную, ясную і лагічна паслядоўную размову. Гаварыць з дзецьмі трэба звычайнай, правільнай мовай, галоўнае казаць павольна, ясна і гучна. У працэсе зносін дарослым неабходна дапамагаць дзіцяці авалодваць мовай. Ненадакучліва папраўляць яго, калі ён няправільна вымаўляе слова, або няправільна будуе фразу, прычым, як правіла, рабіць гэта па ходзе размовы так, каб папраўка не спыняла зносін. У выніку да пяці-шасцігадовага ўзросту дзіця ўжо будзе валодаць самавітым слоўнікавым запасам і практычна асвоіць граматычны лад роднай мовы.

  Для развіцця звязнага маўлення дзіцяці дастаткова традыцыйных формаў зносін – размова, гульня, чытанне кніг, казак і г. д. Справа складаецца не ў тым, каб выкарыстоўваць якія-небудзь новыя, спецыяльна прыдуманыя формы зносін, а ў тым, каб правільна выкарыстоўваць тое, што добра вядома.

  Для дзіцяці самай магутнай крыніцай ведаў з’яўляюцца яго бацькі.

Памятайце, што асноўныя суразмоўцы для дзіцяці ў сям'і – мама, тата, бабуля ці дзядуля.

свернуть

Загадваем загадкі дома

Птушкі

За ўсіх птушак ён чарней,

Чысціць поле ад чарвей. (Грак)

Тук, тук, тук!

Ад сасны і да сасны рэха нясецца.

Лечыць сасну доктар лясны.

Як ён завецца?.(Дзяцел)

Ён у лузе, ён у полі,

Зранку лётае на полі.

Звонка песні распявае,

Імі дзетак ён вітае. (Жаўрук)

 

Хапаткія ў мяне крылы,

Хвосцік востры, нібы вілы,

З гліны я гняздо ляплю,

Мошак на ляту лаўлю.

                                (Ластаўка)

У чырвоных ботах

Ходзіць па балотах.

Захаваўшы лапкі,

Спрытна ловіць жабкі.  (Бусел)

 

Праз горы, даліны, праз тысячы сёл,

З далёкай краіны вярнуўся пасол.

Паважны, чыноўны, ён стаў на страсе,

У ботах чырвоных, каб бачылі ўсе.

                                         (Бусел)

 

Тут лапоча, там стракоча,

Усе навіны ведаць хоча.

Гэта птушка белабока –

Балбатлівая ...(сарока)

 

Доктар Стук на дрэва ўзлез...

Ведама дзіцяці:

Гэта лечыць хворы лес

Даўгадзюбы ...(дзяцел)

З выраю першы вяртаецца,

З песняй да свету звяртаецца,

Поля і неба сябрук –

Гэта, вядома, ...(жаўрук)

Сонца ў небе ярка ззяла,

Згінуў снег, і цёпла стала – з выраю,

з чужых зямель

Прылятае ...(журавель).

У сасновым у лясу

Чутна сумнае “Ку-ку!”

А ці ведаеш якая

Гэта птушачка кувае?   (Зязюля)

Зноў пад дахам у гары,

Дом будуюць муляры.

Будзе ўтульны церам-дом,

Гразь ім служыць, як бетон (Ластаўкі)

Шустранькі, маленькі,

Сам у шэрай світцы.

Шукае канапелькі,

Каб трошкі пажывіцца.   (Верабей)

Скажы на вушка:

Якая птушка

Маленькага росту, рыжахвостая,

З пер’я – не залатая,

А песня - ў душу залятае? (Салавей)

Ледзь вясна шчэ наступае –

Ён канцэрты пачынае.

Гучна льецца песня-свіст.

Як завецца той артыст.   (Шпак)

Прыляцела да кармушкі

Размалёваная птушка,

А знайшла ў кармушцы сала,

Дык і ласаваца стала. (Сініца)

Чапу-ляпу, па вадзе

Птушка шэрая ідзе.

Хай там спёка, хай слота, -

Жыць не можа без балота. (Чапля)

 

 

 

 

Школа. Школьныя прылады

Не куст, а з лісточкамі,

Не кашуля, а пашыта.

Хто яе чытае,

Той розум мае. (Кніга)

Ляжыць паленца, а ў сярэдзіне – сэрца.

                                   (Аловак)

Палачка цудоўная, колерам няроўная.

Трэба толькі ў рукі ўзяць,

Пачынае маляваць   (Аловак)

Кніжкамі забітыя, на замкі закрытыя,

Паселі на плечы школьнай малечы.

                                      (Ранцы)

Я ўсё знаю, усіх вучу,

Але сама заўжды маўчу. (Кніга)

 

Белы зайчык па чорнаму полю скача. (Крэйда)

У двары - вялікі дом,

Нібы вулей, гулкі днём

Гул той вечарам змаўкае,

Раніцаю ажывае.

Хто наведае той дом,

Набывае веды ён. (Школа)

Мае гулкі галасок,

усіх склікае на ўрок. (Званок)

 

Ноччу маўчыць, удзень гамоніць

Маці другая, дзяцей навучае. (Школа)

 

Гэта так, ці мне здалося?

Вунь гарбуз на тонкай восі,

А на ім намаляваны

Горы, рэкі, акіяны. (Глобус)

 

Кветкі

Рос белы шар, вецер дунуў і шар спугнуў. (Дзьмухавец)

Стаяць каля сцежкі Юлькі,

На іх белыя кашулькі.

Сэрцайкі ў іх залатыя,

Адгадайце, хто такія. (Рамонкі)

Хвалюе водарам, красою,

Але не проста ўзяць рукою.

Галава – пахучая,

Тулава – калючае. (Ружа)

Сінявокі, слаўны, чысты,

Галавасты, залацісты.

Дасць абноў ён людзям шмат,

Будзе кожны вельмі рад (Лён)

З-пад снегу выйшла, расцвіла

І так, што аж зіма ўцякла (Пралеска)

 

У гаі-гаёчку

Між травы, расы –

Белыя званочкі.

Іх шануйце, дзеці,

Каб такой красы

Больш было на свеце. (Ландыш)

Сонца ім ласкі не шкадавала.

Сонечнай фарбаю пафарбавала.

Ой жа якія прыгожыя кветкі!

Ляцяць да іх пчолы, бягуць да іх дзеткі.

Полкі мядок салодкі збіраюць,

Дзеткі вянкі на галоўку сплятаюць.

                           (Дзмухаўцы)

Дзікія жывёлы

Што за гаспадар лясны

Спіць пад снегам да вясны,

Ну а летам да калод

Ходзіць красці чужы мёд.(Мядзведзь)

 

У рыжай разбойніцы хвост, як мятла.

Ад кары ўцяка – сляды замяла.

                                              (Ліса)

Сонца летняе пячэ

Альбо дождж маросіць –

Футра шэрае яшчэ

Ён да часу носіць.

Холадам дыхне зіма,

І ўсім на здзіўленне

Футра шэрага няма –

У белым ён адзенні. (Зайка)

Звіўся, скурчыўся клубком,

Не падымеш - колкі:

Як штыкі, тырчаць кругом

Вострыя іголкі. (Вожык)

 

Гучна – гучна зароў

Цар пушчанскіх звяроў. (Зубр)

Ой, як спрытна, нібы мячык,

Скача з елак на дубы.

На сучках к зіме няйначай,

Сушыць ягады, грыбы.

Спелы ёй арэх трапляе –

У таемны склад хавае.

На зіму, каб мець запас,

Дбаць ёй трэба ў летні час. (Вавёрка)

 

Па лясах блукае статак

Волатаў і немаўлятак.

Гэта пушчы спадары –

Белавежскія ...(зубры)

Гальчастыя рогі,

Хуткія ногі,

Колер поўсці – залаты.

Хто я , ці ведаеш ты? (Алень)

 

Бы ў кошачкі, галоўка.

А ў лапах сілу мае.

Па дрэвах лазіць лоўка

Драпежніца лясная.

Д ыхто яе не знае! (Рысь)

 

У ваду нырае смела,

Хатку ён будуе ўмела.

Пад вадой і на вадзе

Будаўніцтва ён вядзе.  (Бабёр)

Пад зямлёй будуе дом

І вядзе тунелі.

Невідушчым маўчуном

Ён жыве век цэлы. (Крот)

Пад хвоямі, пад смолкамі

Ляжыць клубок з іголкамі  (Вожык)

Што за гаспадар лясны

Спіць пад снегам да вясны.

А прачнуўшыся хутчэй

Па мёд лезе ў вулей. (Мядзведзь)

Я прыродны дрывасек,

Сёння зноў галіну ссек.

Пойдзе ўся кара на ежу,

Ствол на часткі я парэжу,

У раку насіць іх буду-

Пабудую з іх запруду.    (Бабёр)

Каб ніхто не адабраў,

За клжную шчочку

Непрыкметна ён схаваў

Зерня па мяшочку. (Хамяк)

 

Поры года

Яблыкі даспелі.

Адспявалі жнеі. Верас зацвітае...

Калі гэта бывае?   (У верасні)

Пахне лісцем і грыбамі,

Пахне бульбаю, імхамі,

Пахне дымам, пахне потам,

Пахне полем і работай.

І, напэўна, кожны знае,

Гэта...(восенню бывае)

Белым пухам замяло

І палеткі, і сяло.

Мост праз рэчку хутка ляжа,

А што гэта, хто адкажа? (Зіма)

Чараўніца да нас завітала –

Усё ажыло, заспявала.(Вясна)

 Свойскія жывёлы

Ці то ў будні, ці то ў святы –

Носіць сво й кажух багаты.

А яна ж яго не шыла

 І за грошы не купіла.   (Авечка)

Зранку лапкай ён умыты.

Шэрстка – нібы з аксаміту.

Любіць спінкай выгінацца.

Мышы – страх – яго баяцца. (Кот)

З барадою нарадзіўся –

І ніхто ў нгас не здзівіўся,

Любіць лыка драць у лесе,

А лапцей не ўмее плесці,

Нібы птушка мае пух,

А ў хляве нядобры дух. (Казёл)

Адкажы, калі ахвота:

Што за дзіўная істота

Ходзіць з віламі на лбе,

На лужку мурог скубе,

Як і дзеці, любіць жвачку?

Бачыў гэтую дзівачку? (Карова)

Не араты, не каваль, не плотнік,

А першы на вёсцы работнік.  (Конь)

З людзьмі сябруе, хату вартуе,

Жыве пад ганкам, хвост абаранкам.

                                         (Сабака)

Не яздок, а са шпорамі,

Не стораж – а ўсіх будзіць.  (Певень)

Ходзіць па двары, на нагах кіпцюры,

белае каменне нясе. (Курыца)

У стаўку купаўся, ды сухім застаўся.

І пайшоў гарласты, у чырвоных ластах. (Гусак)

Не кароль, а ў кароне,

Не гусар, а пры шпорах,

Гадзінніка не мае, а час знае.

                                      (Певень)

Памяркуйце, дзеці самі:

Хто ў вас дома ёсць з вусамі?

Малады яшчэ, дарэчы,

А ляжыць ўсё на печы? (Кот)

Хто зялёнымі вачамі

Грозна бліскае начамі?

Мае пухленькія лапкі,

А на лапках – кіпці-драпкі,

Спінку пругка выгінае,

Страх на мышак наганяе. (Кот)

 

 

Гародніна

Славен край наш ёй здаўна,

Трыста розных страў – яна.

І зімой, і летнім часам

На яе мы вельмі ласы.  (Бульба)

Я расту не на ствале,

Я заўсёды на стале.

Мяне ўкусіш, небарача,

Дык адразу і заплачаш. (Цыбуля)

Лата на лаце і шва не знайсці.                (Капуста)

Круглая, ды не гарбуз.

З хвастом, ды не мыш. (Рэпа)

Нарадзіўся сярод градкі,

Быў шурпаты – вырас гладкі,

І ляжыць пад кустом

Дагары крывым хвастом (Агурок)

Адгадай, сынок, загадку,

Што за месцейка за хаткай,

Дзе ўвіхаецца бабуля,

Водзяць там гарох, цыбуля,

Кроп і морквы крагод...

Гэта месца...(Агарод)

Выспеў на градзе белы чарадзей.

Галава – на славу,

да зубка – зубок –

Добрая прыправа, а завуць...(Часнок)

Завітала ў хату пані

У чырвоным сарафане,

Як пачалі распранаць –

Сталі плакаць, праклінаць.(Цыбуля)

Сакавіты, круглаваты

Здаравяка гэты.

Нам патрэбен на салаты

І на вінегрэты. (Бурак)

З яе цудоўныя салаты

Прыгатаваць мы вельмі рады.

Хоць злая, горкая, але

Хай будзе часта на стале.(Рэдзька)

 Прадукты харчавання

У лісці хаваюцца,

сонцам наліваюцца.

А паспеюць,

дык нам свецяць белымі ілбамі. (Арэхі)

Белы, як снег, а салодкі, як мёд. (Цукар)

Нам патрэбна ў ядзе

Гэта беляніца.

Нарадзілася ў вадзе,

А вады баіцца. (Соль)

Вадкае, а не вада,

Белае, а не снег. (Малако)

Беленькая бочка,

На ёй – ні сучочка,

Ні абручыка, ні дна

І хоць бы клёпачка адна! (Яйка)

 

Транспарт

Хто ні ў дзень, ні ўночы

Не заплюшчвае вочы,

А ўсё ў дарогу углядаецца?

(Аўтамабіль)

Мае хобат, нібы слон.

Сам жалезны, дужы ён,

Рот зубасты разяўляе –

Хутка яму ён капае. (Экскаватар)

Бяжыць край дарогі,

За дрот трымаюць рогі. (Тралейбус)

Жалезны конь, у жываце агонь,

Есці не просіць, арэ, жне і косіць.

                                        (Трактар)

Я ў космас уздымаюся

На хвост абапіраюся. (Ракета)

Што гэта за машына,

Што разам жне і малоціць,

А ідзе – ажно зямлю калоціць

                                    (Камбайн)

Конь не просіць сена вехаць,

На ім можна вярхом ехаць.

Мільгацяць два колы – ногі,

І імчаць ускрай дарогі. (Веласіпед)

Што за дзіўны насарог?

Дзякуючы рогу

Роў засыпаць дапамог,

Разраўняў дарогу. (Бульдозер)

Цэглу, пліты, блокі,мноства рам...

Падымае пад аблокі

На будоўлі велікан.

                       (Пад’ёмны кран)

 

Дрэвы

Нішто не спужала,

Нішто не ляцела,

А ўся затрымцела,

А ўся задрыжала. (Асіна)

Мной дзяўчынак называюць.

А як толькі зацвітаю –

З гудам рупным і вясёлым

Да мяне лятаюць пчолы. (Ліпа)

Сярод лесу агонь гарыць (Каліна)

У залаты клубочак схаваўся дубочак.

                                          (Жолуд)

Шмат на ёй іголак,

Але ўсе без вушак. (Ёлка)

Я ў пярэстым сарафане,

Залюбуецца – хто гляне.

Пра мяне складаюць песні...

Я ў парку, я і ў лесе. (Бяроза)

Маю галінку вы ўзялі,

У зямлю ўваткнулі, палілі –

Карэньчыкі яна пусціла

І ў рост пайшла з вялікай сілай.

Люблю расці я над вадой,

А называюся ...(вярбой)

Чырвонае цельца, каменнае сэрца,

Вінная на смак, а завецца як? (Вішня)

 

Я засяваю дол ігліцаю.

Спрадвеку слаўлюся жывіцаю. (Сасна)

Нас ты знойдзеш на кусце,

ускрай лесу, што расце.

Мы ласункі. Лекі мы.

Рады нам усюды.

Мы людзей сярод зімы

Лечым ад прастуды.  (Маліны)

Ля майго аконца

Цешацца сястрыцы

І гараць на сонцы

Гронкі - завушніцы.(Рабіна)

Насякомыя

Дзяўчынка кветку ўзяць хацела,

А кветачка – пырх і паляцела.

Завецца як жа кветка тая,

Што крыльцы мае і лятае (Матылёк)

Ля ракі жыве званар,

Ён балотны гаспадар.

Даўганогі,даўганосы,

Голас тонкі, а сам строгі. (Камар)

Чорны, ды не воран,

Рагат, ды не бык,

Шэсць ног без капыт,

Ляціць – вые, сядзіць – зямлю рые.

                                                     (Жук)

Джыганула штось ці Нінку –

Бо асу ўзяла за спінку.

Нінка пэўна і не знала,

Што кусака мае ...(Джала)

Цэлы дзень яна лятае,

Усім назаляе,

А ноч настане, тады перастане. (Муха)

Вось дык хлапцы-малайцы!

На дзівосы здатны –

Без сякеры і пілы

Слаўна ўзводзяць хаты. (Мурашкі)

Без станка і без рук, а кросны тчэ.

                                            (Павук)

 

 Прылады працы

Ручка ёсць, а не граблі,

Зямлю рые, а не плуг. (Лапата)

Са збітаю галавою па сяле ходзіць

                              (Долата)

Пілаванне рассяваю

І ў час працы я спяваю.

Лес заўжды мяне "чакае",

Адгадай, хто я такая? (Піла)

Адна матка дванаццаць сыноў

мае і на ўсіх націскае. (Граблі)

Як вазьму цябе ў руку,

Трапна б’еш ты па цвіку.(Малаток)

Зямлю лычом варочае

Гарбаты гэты дзед.

Сам есці век не хоча ён,

А корміць цэлы свет (Плуг)

Есці век яна не просіць,

Хоць зубоў і многа мае.

Як працуе – сыпле проса,

Весела спявае. (Піла)

Вастразубы кракадзіл

Па ўсім полі пахадзіў,

Параслі яго сляды

Ды ў зялёныя рады.(Сеялка)

Бытавая тэхніка, час

Праз палі, масты, лясы

Ляцяць словы – галасы.

Дзякуючы правадам

Кажуць тут, а чуюць там.(Тэлефон)

Языка не мае, а гаворыць і спявае.

                                            (радыё)

Я не чарапаха – робат,

Але працаваць люблю,

Я не слон, але ў свой хобат

З дывана ўвесь пыл лаўлю. (Пыласос)

Днём і ноччу я іду,

Ранкам вас не падвяду.

Нават тых, хто моцна спіць,

Здольны хутка разбудзіць. (Будзільнік)

І дзень ішоў, і ноч ішоў,

А з месца нават не сышоў. (Гадзіннік)

Белы дамок у кватэры стаіць.

І ў ім круглы год дзед мароз

То буркоча, то спіць. (Халадзільнік)

Адзенне і абутак

Вярхом сядаю, на кім – не знаю.

Знаёмага ўбачу – адразу саскочу.

                                                   (Шапка)

Ходзяць чужымі нагамі,

Мяч адбіваюць насамі. (Чаравікі)

Грыбы

Не ў бары расце – у садзе,

Як маленькі парасон,

Грыб няхітры, вельмі смачны,

З гучнай назвай ...(шампіньён)

 

свернуть

Як пачаць размаўляць па-беларуску?

Простыя парады:

  1. Пазбаўцеся страхаў

  Беларусы, якія не вырашаюцца перайсці на беларускую, часцей за ўсё маюць 1001 прычыну для гэтага. Вось некаторыя з іх:
  - Я кепска размаўляю па-беларуску, таму лепш не псаваць сваімі памылкамі гэтую цудоўную мову. – Ніводная нацыя ў свеце не размаўляе на літаратурнай мове! Нават беларускія пісьменнікі кожны мае “свой варыянт” мовы, з дамешкамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі.
  - Я з дзяцінства размаўляю па-расейску, мая сям’я расейскамоўная. – Уявіце, што з такімі перакананнямі вам давялося б пераехаць жыць у Францыю ці Амерыку. Таксама б працягвалі?
  - Гэта мёртвая мова, ніхто ў горадзе на ёй не гаворыць. – Вы маеце шанс стаць першым! І прыкладам для іншых гараджанаў – калі яны не пачнуць тут жа размаўляць, то прынамсі задумаюцца.
  - Гэта мова калхозу і апазіцыі. – Вы адсталі ад трэнду! Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця! Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна, годна і модна!
  2. Папаўняйце свой слоўнікавы запас
  Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на кампутары праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае – з банкаматамі, інфакіёскамі і г.д.
  3. Пішыце па-беларуску
  Калі вам складана пачаць размаўляць – пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік (slounik.org). Вашыя знаёмыя пачнуць звыкацца да вас беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.
  4. Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў
  Псіхалагічны бар’ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы і апошні раз: прадавачка ў краме, кіроўца маршруткі, мінак на вуліцы. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-расейску.
  5. Наведвайце беларускія імпрэзы
  Чуць жывую мову – вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Да таго ж, на такіх імпрэзах вы можаце здабыць новыя знаёмствы – і пашырыць свой беларускамоўны асяродак. Яшчэ адзін спосаб – вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі і краязнаўцамі.
  6. Пачніце ўжываць мову ў побыце
  Спачатку ў сям’і, потым на працы – у звыклых вам асяродках. Будзьце гатовыя тлумачыць зноўку і зноўку людзям прычыны такога пераходу. Прасіце падтрымаць вас у гэтым. Памятайце, што расейскамоўныя беларусы цудоўна вас разумеюць, калі вы звяртаецеся да іх па-беларуску. Старайцеся размаўляць павольна і прыгожа – каб суразмоўцам было яшчэ прасцей разумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.
  7. Набярыцеся цярпення
  Для таго, каб пачаць не толькі размаўляць, але і думаць, сніць сны па-беларуску, вам спатрэбіцца час. Але мэта таго вартая, бо разам з моваю вам адкрыецца ўнікальны беларускі сусвет

свернуть

Парады для бацькоў

Калі ў дзяцінстве дзіця адчуваў пачуццё жалю да іншага чалавека, радасць ад добрага ўчынку, гонар за сваіх бацькоў, захапленне ад судотыку з выдатным подзвігам, ён набыў эмацыйны вопыт. Тым самым будуць пабудаваны шляху для асацыяцый эмацыйнага характару, а гэта з'яўляецца асновай, падмуркам больш глыбокіх пачуццяў, умовай паўнавартаснага развіцця чалавека.

• Выхаванне маленькага патрыёта пачынаецца з самага блізкага для яго - роднай хаты, вуліцы, дзе ён жыве, дзіцячага саду.

• Звяртайце ўвагу дзіцяці на прыгажосць роднага горада

• У час прагулкі раскажыце, што знаходзіцца на вашай вуліцы, пагаворыце пра значэнне кожнага аб'екта.

• Дайце ўяўленне аб рабоце грамадскіх устаноў: пошты, крамы, бібліятэкі і г.д. Паназірайце за працай супрацоўнікаў гэтых устаноў, адзначце каштоўнасць іх працы.

• Разам з дзіцем прымайце ўдзел у працы па добраўпарадкаванні і азеляненні свайго двара.

• Пашырайце уласны кругагляд

• Вучыце дзіцяці правільна ацэньваць свае ўчынкі і ўчынкі іншых людзей.

• Чытайце яму кнігі пра радзіму, яе героях, пра традыцыі, культуры свайго народа

• Заахвочвайце дзіцяці за імкненне падтрымліваць парадак, прыкладныя паводзіны ў грамадскіх месцах.

свернуть

Прыгажосць беларускай мовы

Наша родная мова самая прыгожая і вельмі мілагучная. Яна - нібы спеў салаўя, нібы звон капелі ранняй вясной, нібы гук сярпа ў полі; яна цеплая, як матуліна пяшчота!

Каб даць магчымасць дарослым і дзецям адчуць смак роднай мовы была створана рубрыка "Прыгажосць беларускай мовы".

свернуть

Беларускія сайты, якія дапамогуць далучыць дзяцей да багацця роднай мовы

Паважаныя  бацькі!

Прапануем Вам беларускія сайты, якія дапамогуць далучыць дзяцей да багацця роднай мовы, сфарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе

"Вясёлка"  - часопiс для дзяцей i iх бацькоў 

http://www.veselka.by/

 

"Буся" - чытанка-маляванка для дашкольнікаў

http://www.veselka.by/?page_id=4543

свернуть
поделиться в: